Камунікат Згуртаваньня Беларусаў ў Вялікай Брытаніі
No 112, Чэрвень 2008
Падзеі ў ЗБВБ за 2007 – 2008 год
9 Чэрвеня 2007 адбыўся 61-ы Агульна гадавы з’езд ЗБВБ, на якім былі заслуханыя і абмеркаваныя справаздачы Старшыні Галоўнай Ўправы, Скарбніка, Аўдытара, Адміністратара дому і Нагляднай Рады ЗБВБ.
Па ўсіх справаздaчах і дыскусыях Галоўнай Ўправе быў дадзены абсолюторыюм з падзякай.
Затым былі выбраныя сябры ў кіруючыя структуры арганізацыі на новы тэрмін. У новую Ўправу былі выбраныя наступныя сябры:
Старшыня Л. Міхалюк, Заступнік Старшыні М. Пачкаеў, Сакратар / Скарбнік С. Пяткевіч, а таксама сябры П. Шаўцоў,С. Вінаградаў і А. Вышадок.
У Наглядную Раду былі выбраныя наступныя сябры Джон Ясьвіловіч, В. Калінін, А. Сенька.
Таго-ж дня адбылося і першае паседжаньне Галоўнай Ўправы ЗБВБ на якім быў разгледжаны плян працы Ўправы на бягучы год.
23 чэрвеня 2007 сябры ЗБВБ удзельнічалі ў “Купальлі” арганізаваным Ангельска-Беларускім Таварыствам.
30 чэрвеня 2007 скарбнік ЗБВБ склаў і выслаў ў “The Companies House” гадавую фінансавую і сакратарскую справаздачу аб дзейнасьці Згуртаваньня ў 2007/2008 годзе. З боку “The Companies House” справаздача заўваг не атрымала.
15 – 29 ліпеня 2007 па запрашэньню ЗБВБ, у беларускім доме ў Лёндане знаходзілася дактарантка спадарыня Л. Яськевіч, якая працавала з архівамі ЗБВБ і польскага інстытута для напісаньня кнігі пра сацыяльныя праблемы беларускага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ў гады другой сусьветнай вайны.
29 – 18 жніўня 2007 па запрашэньню ЗБВБ, у беларускім доме ў Лёндане знаходзіўся гісторык, спадар А. Масквін, які працаваў з архівамі ЗБВБ, у бібліятэцы імя Ф. Скарыны і польскім інстытуце для напісаньня кнігі пра лёсы беларусаў ў часы і пасля другой сусьветнай вайны.
19 – 07 кастрычніка 2007 па запрашэньню ЗБВБ, у беларускім доме ў Лёндане знаходзілася спадарыня Н. Гардзіенка, якая працавала з архівамі ЗБВБ, у бібліятэцы імя Ф. Скарыны, сустракалася з беларусамі ў Манчэстары і Лёндане для напісаньня кнігі пра беларускую эміграцыю ў Вялікай Брытаніі.
25 верасня 2007 па прозьбе Галоўнай Ўправы, сп. Э. Міхалюк перавёз архівы з беларускіх дамоў Брадфорда і Манчэстара ў Лёндан.
2 – 5 Лістапада 2007 ЗБВБ фінансава падтрымала паездку і ўдзел ў паседжаньні Рады БНР (ў Нью Ёрку, ЗША) Заступніка Старшыні Галоўнай Ўправы ЗБВБ і сябра Рады сп. М. Пачкаева.
24 лістапада 2007 ЗБВБ арганізавала Акадэмію ў гонар 87-ых угодкаў Слуцкага паўстаньня. Перад Акадэміяй ў капліцы св. Пятра і Паўла айцец А. Надсан адслужыў малебен за Случчакоў і за ўсіх хто аддаў сваё жыцьцё за Бацькаўшчыну – Беларусь.
Пасля службы, афіцыйная частка Акадэміі адбылася ў залі Беларускага Культурна-Рэлігійнага Цэнтру на Фінчлей. Акадэмію адкрыла старшыня ЗБВБ сп. Л. Міхалюк. Вядучы Акадэміі зачытаў прывітаньні ад Старшыні Рады БНР сп-ні І. Сурвіллы і беларускіх арганізацый з розных краін сьвету.
Затым Заступнік Старшыні ЗБВБ сп. М. Пачкаеў прачытаў рэфэрат на тэму дня, а сп. П. Шаўцоў прадэклямаваў патрыятычныя вершы. Спадар С. Вінаградаў зайграў на старадаўнім музычным інструменце с прыпевам некалькіх песень.
Айцец С. Стасевіч распавёў цікавую гісторыю пра ўзнагароды Слуцкага паўстаньня і прадэманстраваў некаторыя з іх.
Акадэмія закончылася адсьпяваньнем нацыянальнага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, пасля адбыўся пачастунак, дзе прысутныя абменьваліся думкамі пры кілішку віна ды закускі.
24 лістапада 2007 адбылося другое паседжаньне Галоўнай Ўправы ЗБВБ якое разгледзела бягучыя пытаньні дзейнасьці арганізацыі.
Сьнежань 2007– сакавік 2008 сябры Ўправы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да сьвяткаваньня 90 – х угодкаў БНР у Marriott Hotel County Hall.
5 Сакавіка 2008 сакратар ЗБВБ выслаў да беларускіх арганізацыяў ў Амэрыку, Аўстралію, Канаду, Літву, а таксама на Беларусь віньшаваньні з нагоды Дня Незалежнасьці 25-га Сакавіка.
13 сакавіка 2008 адміністратар Беларускага Дому ў Лёндане арганізаваў штогадовую інспэкцыю газавага абсталяваньня і аграваньня ва ўсіх чатырох кватэрах дому, аб чым ліцэнзійным інспэктарам быў складзены адпаведны сэртыфікат аб бягучым стане сыстэм і магчымасьці іх выкарыстоўваць.
28 сакавіка2008 з нагоды 90-годзьдзя абвяшчэньня БНР, Згуртаваньнем Беларусаў у Вялікай Брытаніі быў зладжаны ўрачысты прыём ў прэстыжным лёнданскім гатэлі “Мэрыёт”, побач з Брытанскім парлямэнтам. Ад імя ЗБВБ прысутных вітала Старшыня ЗБВБ Л. Міхалюк. Прысутнічалі беларусы не толькі з Лёндана, але і бліжэйшых гарадоў. З вітальным словам да прысутных зьвярнуліся: Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, былы амбасадар Брытаніі ў Менску, сябар Беларусі Браян Бэнэт, былы палітвязень Андрэй Клімаў, паэт, сустаршыня Агульнанацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні 90-годзьдзя БНР Генадзь Бураўкін, Старшыня Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, старшыня Англа-Беларускага Таварыства Джэймс Дынглі.
На ўрачыстасьці таксама прысутнічалі з Менску сп-ня Н. Шыдлоўская,- Намесьніца Старшыні Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, з Амэрыкі сп-ня К. Вініцкая з дачкой Люсяй і ўнукамі Алексам і Кацяй ( адна з першых сябровак ЗБВБ з 1947г.).
Вёў урачыстую імпрэзу сябра рады ЗБВБ Павал Шаўцоў. Агульным падарункам для ўсіх стала прэзэнтацыя музычнага альбому “Дзень Волі – 90 год”, запісаны Нінай і Браян Эванс, Сяржуком Вінаградавым, за што Ўправа складае ім шчырую падзяку.
На заканчэньні сьвята быў адсьпяваны гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
30 сакавіка 2008 ў нядзелю айцец А. Надсан і айцец С. Стасевіч адслужылі службу, дзе маліліся за беларускі народ. Айцец Сяргей ў сваім казаньні падкрэсьліў значнасць 25-га Сакавіка: “Для беларусаў дыяспары дзень 25 Сакавіка – вялікае сьвята, як нацыянальны дзень для іншых народаў, што жывуць в Брытаніі. І так было заўсёды. Вельмі шкада, што да сёньня ў Беларусі Дзень Волі не сьвята, а супрацьстаяньне. Веру ў тое, што сытуацыя ў хуткім часе зьменіцца і на Радзіме”.
Айцец Аляксандар прачытаў малітву за беларускі народ.
Пасля службы Божай ў у біблятэцы імя Ф. Скарыны, ЗБВБ арганізавала спатканьне з гасьцямі з Беларусі,- Спадарствам Бураўкіных, сп-мі А. Макоўскай і Н. Шыдлоўскай, як прадаўжэньне ўрачыстасьці 90 – х угодкаў БНР.
Гасьцей з Беларусі і прысутных прывітала старшыня ЗБВБ Л. Міхалюк. Заступнік Старшыні М. Пачкаеў прачытаў даклад на тэму дня, у якім падкрэсліў вялікую ролю беларусаў замежжа ў захаваньні ідэалаў 25 – Сакавіка.
Шаноўны спадар Бураўкін прачытаў свае новыя вершы, а таксама ўрывак з паэмы, прысьвечанай Францішку Багушэвічу.
Сп-ні А. Макоўская і Н. Шыдлоўская распавялі пра дзейнасць “ЗБС Бацькаўшчына” і яе ролю ў згуртаваньні беларускай дыяспары замежжа.
В. Калінін,- беларуска-цыганскі паэт і пісьменьнік прачытаў свой твор, прысьвечаны беларусі на беларускай і цыганскай мовах.
Пасля адбылася дыскусія на тэмы, якія хвалююць беларускі народ у цяперашнім часе, такія як напрыклад перспэктывы ўзаемаадносінаў радзімы і беларусаў замежжа, і праблемы мовы, культуры і школьніцтва.
31 сакавіка 2008 госьці з Беларусі былі запрошаны ў беларускі дом у Лёндане, які існуе з 1948 г.
17 траўня 2008 ў Лёндане, па запрашэньню Згуртаваньня Беларусаў ў Вялікай Брытаніі і Ангельска-Беларускага Таварыства, прайшла сустрэча з беларускім перакладчыкам і выдаўцом, – спадаром В. Воранавым.
Спадар Віталь прэзэнтаваў свой пераклад вядомай ва ўсім сьвеце кнігі для дзяцей А. Міlne “Winnie-the-Pooh” з ангельскай на беларускую мову.
Напачатку сустрэчы, намеснік Старшыні ЗБВБ М. Пачкаеў павітаў шаноўнага госьця і прысутных, і ў прыватнасьці зазначыў, што на працягу апошніх гадоў Згуртаваньне з зацікаўленнасьцю ставіцца да выдавецкіх праектаў на Беларусі, скіраваных на разьвіцьця гісторыі і культуры.
У час прэзэнтацыі, сп. Воранаў распавёў пра існуючыя варыянты перакладаў гэтай кнігі на другія мовы, адзначыўшы, са свайго пункту гледжаньня, больш ці менш цікавыя, падрабязна засяродзіўся на праблемах з перакладам, з якімі яму прыйшлося сутыкнуцца на працягу творчай працы.
У дыскусіі бралі ўдзел Старшыня Ангельска-Беларускага Таварыства Джым Дынглі, прафэсар А. МакМілан, прадстаўнік Трасту (Pooh Properties), К. Мацкевіч, другія асобы.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя падзякавалі сп. Воранаву за тое, што праз ягоную працу беларускія дзеці атрымалі цудоўную магчымасьць далучыцца да сусьветных каштоўнасьцяў і пажадалі яму натхненьня і далейшых творчых посьпехаў.
Пасля афіцыйнай часткі, шмат хто скарыстаў нагоду паразмаўляць сам на сам з аўтарам перакладу і выдаўцом кнігі “Віня-Пых”.
Сустрэча і прыняцьцё адбываліся ва ўтульных залях Ўкраінскага Рэлігійнага Цэнтру, што ў Заходнім Лёндане.
18 траўня 2008 адбылося трэцяе паседжаньне Галоўнай Ўправы ЗБВБ якое разгледзела бягучыя пытаньні дзейнасьці арганізацыі.
5 чэрвеня 2008 згодна з даручэньнем Агульнага З’езду, Наглядная Рада спрaўдзіла работу скарбніка за 2007/2008 фінансавы год. Сябры Нагляднай Рады былі задаволены як бягучым станам фінансавай дакумэнтацыі, так і тлумачэньнямі скарбніка па ўсіх узьнікшых у часе праверкі пытаньнях.
Па матэрыялах праверкі была складзена адпаведная справаздача для прадстаўленьня на чарговы Агульны З’езд ЗБВБ.
————————————————————————————————————–
“Камунікат ЗБВБ” падрыхтаваны паводле Справаздачы Старшыні Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў ў Вялікай Брытаніі сп-ні Л. Міхалюк. Адрас ЗБВБ: 52 Penn Road, London, N7 9RE, tel/fax:020 7609 1319
Апошнія камэнтары