Home > Кнігі, Падарожжы > Кароткі, акуратны й дасьціпны аповед пра беларусаў

Кароткі, акуратны й дасьціпны аповед пра беларусаў

2009/04/08

Anne Coombes, Culture Smart! Belarus. London: Kuperard, 2008, 168 pp, isbn 978-185733-472-2. Available from Amazon.co.uk | Amazon.com

Гэтая кніга будзе ідэальнай чытанкай на борце летака да Менску. Пары гадзінаў дастаткова, каб зь яе дапамогай авалодаць самымі неабходнымі ведамі пра тое, хто такія беларусы. Кніга менавіта пра людзей, пра іх лад жыцьця, светагляд і вартасьц.

Гэтая кніга нашмат карацейшая за традыцыйныя турыстычныя даведнікі, але яе перавага менавіта ў тым, што яна запаўняе прагалы, якія традыцыйныя даведнікі вельмі часта пакідаюць. Яна не намагаецца апавесьці пра абсалютна ўсё, што датычыць краіны. Замест таго, яна дае чытачу неабходныя веды, каб пачуваць сябе камфортна абазнаным пры сустрэчы зь беларусамі – людзьмі з адметнымі ідэямі і звычкамі. Кніга поўная парадаў, што варта рабіць, а чаго пазьбягаць, і тлумачыць гэта з дасьціпным гумарам. Беларус, я без сумненьняў пазнаваў сябе на многіх старонках кнігі.

Аўтарка пражыла тры гады ў Менску (яна працавала ў дзяржаўных англамоўных пэрыёдыках). Гэтага аказалася дастаткова, каб скласьці добрае разуменьне многіх неадназначных і спрэчных аспэктаў беларускай гісторыі, культуры й палітыкі. Ня будзе дзівам, калі аповед пра палітычную сітуацыю падасца чытачам незразумелым з-за мноства датаў, імёнаў і прыгаданых падзеяў; каб палегчыць чытацкую долю, аўтарка ўпэнена кажа пра рэчы, як яны ёсьць, і не прыхоўвае ўласных ацэнак.

Пра стаўленьне беларусаў да ўлады, грошай, расейцаў ды іншых замежнікаў, а таксама да меншасьцяў, працы, навакольля й г.д. апавядаецца ляканічна і займальна. Параўнальна шмат старонак аддадзена сьвятам і адпаведным традыцыям, што несумненна прыдасца замежнікам, часта неабазнаным з нашымі даволі адметнымі звычаямі. Між іншага, аўтарка зрабіла добры высілак патлумачыць чытачам, як і што беларусы п’юць – гэта павінна дапамагчы гасьцям сьвяткаваць і весяліцца з намі больш бясьпечна, бяз страты сьвядомасьці.

Аповед пра турыстычныя месцы амаль цалкам абмежаваны Менскам. Чытач знойдзе кароткую інфармацыю пра выбраныя паркі, музэі, начныя клюбы, рэстараны й бары. Гэтыя старонкі поўныя суб’ектыўх ацэнак, што, бадай, таксама мае сэнс: калі ў турыста ёсьць толькі некалькі дзён правесьці ў Менску, гэтага аповеду будзе дастаткова, каб добра прабавіць час і не змарнаваць занадта шмат грошай.

Кніга ня без недахопаў, асабліва калі йдзе пра напісаньне беларускіх імёнаў і тлумачэньне некаторых паняткаў і звычаяў. Шкада, што выдавецтва, якое знаходзіцца практычна за кутом ад Беларускага цэнтру ў Лёндане, не знайшло кансультанта, абазнанага ў мове й культуры. Нягледзячы на тое, кніга атрымалася найбольш дакладнай з усіх турыстычных даведнікаў пра Беларусь, якія мне даводзілася бачыць.

Ігар Іваноў

Follow

Get every new post delivered to your Inbox.

Join 112 other followers