Home > Людзі > Айцец Аляксандар Надсан: “Каго пахрысціць, каго пажаніць…”

Айцец Аляксандар Надсан: “Каго пахрысціць, каго пажаніць…”

Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 24 красавіка 2010 г.
Апублікавана на kamunikat.org

Націснуць, каб павялічыць...

Айцец Аляксандар Надсан – найбольш аўтарытэтны й паважаны сьвятар сярод беларусаў-каталікоў у замежжы. Ад 1946 году жыве ў Лёндане, быў адным з тых, хто ў 1948 годзе ўдзельнічаў у набыцьці славутага Беларускага дому. Ад 1971 году – нязьменны дырэктар Бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Цяперашні візыт айца Надсана ў Менск складае ўсяго некалькі дзён, ахвотных сустрэцца – шмат, спатканьняў – процьма. Учора ўвечары айцец Надсан правёў сустрэчу ў Клюбе каталіцкай інтэлігенцыі імя Кірылы Тураўскага ў Менску. Пасьля сустрэчы ён ласкава адказаў на некалькі пытаньняў Беларускай службы Польскага радыё.

Айцец Аляксандар, літаральна 17 красавіка адбылося адкрыцьцё абноўленага Беларускага дому ў Лёндане. Што гэтаму папярэднічала?

Аляксандар Надсан: Гэты дом быў набыты ў 1948 годзе. Гэта першы грамадзкі беларускі дом за мяжою – ня толькі ў Англіі, але наогул за мяжою. Ні ў Амэрыцы, нідзе не было грамадзкага дому. Вось шкода, што праўнучка Вінцэнта Жук-Грышкевіча (першы старшыня Зьвязу беларусаў Вялікай Брытані — аўт.) пайшла… Гэта ён настояў, бо быў разумны чалавек. Гэты дом стаўся сапраўды цэнтрам грамадзкага жыцьця. Вялікая справа была! Туды ж прыязджалі ўсе нашыя беларусы, жылі – пакуль знайшлі працу, памешканьне… Там таксама ўсе нашыя мерапрыемствы беларускія адбываліся. Дом ужо ня быў новы, як мы купілі. Прайшло столькі гадоў – ужо трэба было рабіць рамонт, такі фундамэнтальны. Грошы крышку ў арганізацыі ёсьць – зрабілі добры рамонт, канфэнэнцыйную залю пабольшалі, папрыгожылі, навялі парадак. Цяпер сапраўды грамадзкі дом можа выконваць свае функцыі – гэта вельмі важна. Аднаўленьне й адкрыцьцё ўсяго гэтага – была добрая нагода сустрэцца. Мы чакалі больш людзей, зь іншых краінаў, але ж ведаеце – што гэты ісляндзкі вулькан нарабіў… (сьмяецца) Так што многія не маглі прыехаць. Пару людзям удалося — яны з Амэрыкі прыехалі на дзень перад гэтым, дык пасьля не маглі выехаць!.. (сьмяецца) А іншыя, якія адклалі на апошнюю хвіліну, не змаглі прыехаць. Але ўрачыстасьць прайшла вельмі прыгожа.

Айцец Аляксандар, я чытаў, што ў 1948 годзе, калі куплялі гэты дом, Вы сталі адным зь ягоным чатырох фармальных уласьнікаў. А астатнія тры хто былі?

Аляксандар Надсан: Сьветлай памяці доктар Жук-Грышкевіч. А таксама два беларусы. Быў такі сьветлай памяці Базыль Варган, ён зь Міра. Ён быў у польскім войску падафіцэрам, сержантам ці што… Старэйшы дзядзька, вельмі паважны. І пасьля яшчэ адзін з маіх сяброў-равесьнікаў, гэта спадар Уладзімер Курыла, які цяпер жыве ў ЗША. Арганізацыя (Зьвяз беларусаў Вялікай Брытаніі – аўт.) была тады незарэгістраваная, і таму не магла быць уласьнікам дома. А дом трэба было купіць. Дык мы проста былі запісаныя чатыры асобы – быццам мы былі ўласьнікамі. Але ж мы ўсе ведалі, што гэта не была наша ўласнасьць. І як толькі арганізацыя была зарэгістраваная, мы адразу сыйшлі са сваіх правоў – дом стаў належаць арганізацыі.

Айцец Аляксандар, у гэты цяжкі паваенны час, калі не сакрэт, адкуль былі вынайдзены сродкі, каб набыць гэты дом?

Аляксандар Надсан: Сродкі? Бачыце, мы йшлі на працу, зараблялі. Скажам, заробіш 5 фунтаў на тыдзень – тады плацілі 5 фунтаў на тыдзень, гэта была добрая зарплата. Пакінеш сабе тры фунты каб пражыць, а два фунты – у арганізацыю даеш. Была ахвярнасьць у людзей. Мы сабралі – безумоўна, ня ўсю суму патрэбную, але каб можна было атрымаць пазыку ў банку. Бо калі ня маеш нічога – не атрымаеш пазыкі. Сабралі, разумееце. Была вялікая ахвярнасьць усіх беларусаў, якія былі ў Вялікай Брытаніі.

Як Вы лічыце, сёньня ў беларусаў замежжа засталася гэтая ахвярнасьць?

Аляксандар Надсан: На жаль, не. Я скажу ясна: такой ахвярнасьці, як тады, ужо няма. Ня ведаю, чаму. Магчыма, таму, што Беларусь ужо незалежная цяпер – дык думаюць: “Хоць там парадку таксама няма, але ўжо іншыя абставіны”. Мы пакінулі Беларусь – але заўсёды хацелі заставацца беларусамі. У нас не было іншага выйсьця, нам быў выбар: заставацца або ў Англіі, або паехаць на Калыму. А не ў Беларусі. Крышку падумаўшы, разважаеш, што ў Англіі ўсё ж такі крышку выгадней жывецца, чым на Калыме. (сьмяецца) У Беларусі нам не было месца. Але мы хацелі застацца беларусамі. Цяпер гэтай праблемы сярод гэтых людзей, якія выязджаюць за граніцу, няма. Гэта пераважна эканамічная эміграцыя. І там няма такога энтузіязму. Ёсьць выняткі – прыйшлі ў арганізацыю, працуюць добра. Але большасьць зь іх – не.

Айцец Аляксандар, Вы згадвалі, што калі быў набыты гэты дом, то ён выконваў і такія функцыі – там ночылі, спыняліся беларусы, якія прыязджалі ў Лёндан. А наколькі зь цягам часу й да сёньня гэтыя функцыі зьмяніліся?

Аляксандар Надсан: Цяпер ужо няма патрэбы. Тыя беларусы, якія ў Вялікабрытаніі, ужо маюць пераважна свае дамы. Ёсьць заля канфэрэнцыйная для зборак, ёсьць месца на архівы, хапае. Але калі які-небудзь беларус прыедзе – то яму ёсьць дзе спыніцца. Функцыі й такія выконвае. Але той патрэбы, як тады, няма. Бо тады ж прыязджалі безь нічога, не было дзе жыць.

Айцец Аляксандар, я чытаў Вашую біяграфію, і там ёсьць настаўніцкая сэмінарыя ў Нясьвіжы, школа афіцэраў, матэматычны факультэт… І, канешне, больш за паўстагодзьдзя сьвятарскай дзейнасьці. У Вашай пастырскай дзейнасьці што з тых адукацыяў спатрэбілася найбольш?

Аляксандар Надсан: Ведаеш, безумоўна, сьвятарская фармацыя – самае важнае ў гэтым сэнсе. Але ўсё іншае прыдаецца таксама. Я быў настаўнікам матэматыкі ў свой час… У настаўніцкай сэмінарыі вучыўся пад нямецкай акупацыяй, бо іншых школаў не было. А я быў малады – і трэба было вучыцца. І дзякуй нашым настаўнікам таго часу. Гэта былі вельмі добрыя настаўнікі, якія ня мелі, дзе працаваць. Яны далі нам нашмат больш, чым настаўніцкая сэмінарыя дае. Далі вельмі шмат. Апрача таго, што зрабілі з нас беларусаў на ўсё жыцьцё.

Айцец Аляксандар, вось гэты Ваш візыт – якую ён мае нагоду?

Аляксандар Надсан: Я маю сваю паству, людзі папрасілі мяне: каго пахрысьціць, каго пажаніць… (сьмяееца). Нічога палітычнага й нічога іншага!..

Гэта быў шаноўны айцец Аляксандар Надсан, грэка-каталіцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа. У часе свайго кароткага візыту з Лёндану ў Менск ён ласкава адказаў на пытаньні нашага радыё.

  1. No comments yet.
  1. No trackbacks yet.

Пакiнуць каментарый

Fill in your details below or click an icon to log in:

Gravatar
WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Change )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Change )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Change )

Connecting to %s