Айцец Аляксандар Надсан: “Каго пахрысціць, каго пажаніць…”
Арцём Багданаў, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба, 24 красавіка 2010 г.
Апублікавана на kamunikat.org
Айцец Аляксандар Надсан – найбольш аўтарытэтны й паважаны сьвятар сярод беларусаў-каталікоў у замежжы. Ад 1946 году жыве ў Лёндане, быў адным з тых, хто ў 1948 годзе ўдзельнічаў у набыцьці славутага Беларускага дому. Ад 1971 году – нязьменны дырэктар Бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Цяперашні візыт айца Надсана ў Менск складае ўсяго некалькі дзён, ахвотных сустрэцца – шмат, спатканьняў – процьма. Учора ўвечары айцец Надсан правёў сустрэчу ў Клюбе каталіцкай інтэлігенцыі імя Кірылы Тураўскага ў Менску. Пасьля сустрэчы ён ласкава адказаў на некалькі пытаньняў Беларускай службы Польскага радыё.
Айцец Аляксандар, літаральна 17 красавіка адбылося адкрыцьцё абноўленага Беларускага дому ў Лёндане. Што гэтаму папярэднічала?
Аляксандар Надсан: Гэты дом быў набыты ў 1948 годзе. Гэта першы грамадзкі беларускі дом за мяжою – ня толькі ў Англіі, але наогул за мяжою. Ні ў Амэрыцы, нідзе не было грамадзкага дому. Вось шкода, што праўнучка Вінцэнта Жук-Грышкевіча (першы старшыня Зьвязу беларусаў Вялікай Брытані — аўт.) пайшла… Гэта ён настояў, бо быў разумны чалавек. Гэты дом стаўся сапраўды цэнтрам грамадзкага жыцьця. Вялікая справа была! Туды ж прыязджалі ўсе нашыя беларусы, жылі – пакуль знайшлі працу, памешканьне… Там таксама ўсе нашыя мерапрыемствы беларускія адбываліся. Дом ужо ня быў новы, як мы купілі. Прайшло столькі гадоў – ужо трэба было рабіць рамонт, такі фундамэнтальны. Грошы крышку ў арганізацыі ёсьць – зрабілі добры рамонт, канфэнэнцыйную залю пабольшалі, папрыгожылі, навялі парадак. Цяпер сапраўды грамадзкі дом можа выконваць свае функцыі – гэта вельмі важна. Аднаўленьне й адкрыцьцё ўсяго гэтага – была добрая нагода сустрэцца. Мы чакалі больш людзей, зь іншых краінаў, але ж ведаеце – што гэты ісляндзкі вулькан нарабіў… (сьмяецца) Так што многія не маглі прыехаць. Пару людзям удалося — яны з Амэрыкі прыехалі на дзень перад гэтым, дык пасьля не маглі выехаць!.. (сьмяецца) А іншыя, якія адклалі на апошнюю хвіліну, не змаглі прыехаць. Але ўрачыстасьць прайшла вельмі прыгожа. Read more…

Апошнія камэнтары