Ад рэдактара: Добры час пакрочыць наперад
Учарашняе сьвяткаваньне Дня Волі ў Лёндане было шматлюдным і сьвяточным, як ніколі за апошняе дзесяцігодзьдзе. Сьвяткавалі таксама 65-годзьдзе Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі і 70-годзьдзе беларусазнаўцы і – да апошняга часу – кіраўніка Англа-беларускага таварыства Джыма Дынглі. Было шмат знаёмых твараў з абедзьвюх арганізацыяў, госьці зь Беларусі і намесьнік старшыні Рады БНР з Прагі. Было багата суродзічаў усіх узростаў.
Беларуская грамада ў Брытаніі прачынаецца ад часовага летаргічнага сну, які быў непазьбежны, калі маладзейшыя беларусы адчувалі сябе няпэўна на Імглістым Альбіёне, а старэйшае, паваеннае пакаленьне прыглядялася да тых маладых: ці можна даверыць ім арганізацыі, набыткі й традыцыі. Цудоўна, што беларусы розных пакаленьняў працуюць разам дзеля агульнай справы і ўсё менш чуецца нараканьняў на “маладых” ці “старых” – у залежнасьці, каго слухаеш.
Нашыя арганізацыі нарэшце дарасьлі да таго моманту, калі мы можам дазволіць сабе перагледзіць пэўныя традыцыі і прызвычаеньні – час рушыць наперад! Так сьвяткаваньні Дня Волі, як і Слуцкага збройнага чыну, будуць больш прывабнымі для суродзічаў, калі мы пакінем на іншыя нагоды зьмястоўныя, але непрыдатныя для нашага часу даклады. Чаму б заместа іх не зрабіць прыгожыя ўлёткі-складанкі, якія ўдзельнікі сьвята маглі б узяць з сабой? Зьмест гэтых улётак лёгка перарабіць у слайдкасты і разьмясьціць іх у інтэрнэце – падзяліцца з усім сьветам.
Хто датрываў да канца шчодрага пачастунку, мог ахвяраваць на дапамогу сям’і Сяргея Каваленкі, які абвясьціў галадоўку пратэсту. Шкада, што ніводная беларуская арганізацыя (за выключэньнем Дабрачыннага фонду, але ён абмяжоўваецца толькі культурнымі праектамі) ня мае статусу зарэгістраванай дабрачыннай арганізацыі, каб атрымаць ад дзяржавы яшчэ 20% у дадатак да ахвяраваньняў брытанскіх падаткаплатнікаў. Нашым арганізацыям тут і на Беларусі патрэбныя грошы і ахвярная праца, бязь іх ня будзе ані Дня Волі, ані Купальля, ані пачастунку пасьля іх. Арганізацыі павінны зрабіць высілак, каб ахвярадаўцы, бачылі, што кожны фунт удзячна прымаецца і выдаткоўваецца з карысьцю. Адкрытасьць і дбайнасьць абавязкова аплоціцца яшчэ большай шчодрасьцю.
Клопатаў шмат, праблемаў хапае, сумныя весткі зь Беларусі часам захлынаюць роспаччу. Але нам варта прыслухацца да Алены Макоўскай са згуртаваньня “Бацькаўшчына”, якая ўчора натхняльна казала пра тое, што многія ў Беларусі з удзячнасьцю глядзяць на суродзічаў у Брытаніі: “Калі б вы не стварылі сваю Беларусь тут, за мяжой, нам у мэтраполіі не было б на што абапірацца”. Таму далучаймася да нашых арганізацыяў, абменьваймася электроннымі адрасамі, запрашайма адзін другога ў госьці – сьвяткуйма разам!
І будзьма шчодрымі для агульнай справы!


Ihar Ivanoǔ.
Апошнія камэнтары